Упрыгожванне гімназіі - Гімназія №4 г. Мінска

Упрыгожванне гімназіі

“Калядныя дзівосы сваімі рукамі”

 

“Калядныя дзівосы сваімі рукамі” – менавіта так гучыць тэма, згодна з якой мы ўпрыгожвалі нашу гімназію. І выбрана такая тэма была не выпадкова.

Зіма абсыпала бліскучым снегам гарадскія вуліцы, апранула на дрэвы раскошнае ўбранства. Мароз пакрыў дзіўнымі ўзорамі вокны дамоў, на дахах дамоў выраслі ледзяшы. Гэта значыць, што хутка Новы год!

Новы год, мабыць, самае доўгачаканае, чароўнае і любімае ўсімі свята. Дзеткі ўжо нагуляліся ў снежаньскіх снегападах і з нецярплівасцю чакаюць дзівосаў. Ну а яны, як вядома, здараюцца менавіта ў Новы год і Каляды. І стварыць іх можна сваімі рукамі.

Таму ўсе вучні і настаўнікі прынялі актыўны ўдзел у стварэнні святочнага настрою сваімі рукамі. У аснове ўпрыгажэння гімназіі ляжаць цацкі, гірлянды, сняжынкі, якія былі створаны рукамі навучэнцаў: хтосьці пашыў з фетру мілых соў, пеўнікаў ці зайчанят, хтосьці звязаў кручком сняжынкі, якія цяпер упрыгожваюць нашыя ёлкі ( а іх ні многа, ні мала, а менавіта чатырнаццаць).

Гэтыя рукатворныя цацкі ствараюць асаблівую атмасферу цеплыні і дамашняй утульнасці і нібыта нагадваюць, што для ўсіх гімназія як другі дом, дзе заўсёды адчуваеш сябе спакойна, а сэрца напаўняецца радасцю і шчасцем.

Такія ж цацкі ўпрыгожваюць і ёлку ў сталоўцы “Несцерка”.

На нашых вокнах можна ўбачыць розныя матывы выцінанак,  на кожным з паверхаў свой: вось на першым паверсе Дзед Мароз спяшаецца да дзетак, цягне праз лес саначкі з падарункамі, а ўверсе званочкі падказваюць усім, што хутка дзеці дачакаюцца свята; на другім паверсе – вёска перад калядамі, над якой анёлкі ўжо пакідаюць свае нябачныя падрункі: крышачка дабрыні, мяшочак шчасця, жменю здароўя, кавалачак шанцавання; на апошнім, трэцім паверсе калядная свечка асвятляе шлях усім падарожнікам, і павольна апускаюцца сняжынкі. Уваходны ансамбль віншуе ўсіх, хто заходзіць да нас у гімназію, з Новым годам і нагадвае, што гэты год – год Пеўня.

Класныя кабінеты таксама ствараюць свята: усюды прыгожыя ёлкі, гірлянды. Але ў некаторых кабінетах, дзякуючы незвычайнаму афармленню, створана асаблівая атмасфера: дзесьці можна знайсці незвычайныя гірлянды, цудоўныя шкарпэтачкі ці нават камін!

Уся гімназія прыняла ўдзел ва ўпрыгажэнні, і сапраўдны калядны цуд быў створаны сваімі рукамі.

Фотаматэрыялы