История и традиции - Гимназия 4 г.Минска

История и традиции

Дзяржаўная ўстанова адукацыі
 “Гімназія № 4 г.Мінска”

Адной з першых школ сталічнага мікрараёна “Кунцаўшчына” расчыніла дзверы сярэдняя школа № 198 з беларускай мовай навучання. Першым дырэктарам была прызначана Аляксеева Людміла Станіславаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Старонкі гісторыі:
1 снежня 1990 года - адкрыццё сярэдняй школы № 198.
1991 год – сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 198 перайменавана ў гімназію № 198.
1996 год - гімназія № 198 перайменавана ў Мінскую беларускую нацыянальную гімназію № 4.
1997 год - дырэктарам гімназіі № 4 прызначаны Бандарэнка Юрый Міхайлавіч.
2008 год – педагагічны калектыў гімназіі прайшоў акрэдытацыю.

2010 год – установа адукацыі  перайменавана ў ДУА “Гімназія № 4 г.Мінска”.

2014 год – педагагічны калектыў гімназіі прайшоў акрэдытацыю.

2016 год - дырэктарам гімназіі прызначаны Андрэй Міхайлавіч Гоцман.

         За 26 гадоў існавання пройдзены вялікі шлях у развіцці культурна-адукацыйнай прасторы гімназіі. Гартаючы старонкі гістарычнага календара, прыходзіш да высновы, што на сённяшні дзень гімназія № 4 займае лідыруючыя пазіцыі ў Фрунзенскім раёне и г.Мінску. 

Адметнай рысай гімназіі з’яўляецца выкладанне ўсіх прадметаў на беларускай мове. З 1 класа вывучаецца англійская  мова. Разам з тым, вучням прадастаўляецца магчымасць дадаткова вывучаць нямецкую, французскую, польскую  як другую замежную. На трэцяй ступені навучання ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя па фізіка-матэматычным,  філалагічным( беларуская мова і літаратура   і замежная (англійская) мова профілях.

Цеснае супрацоўніцтва ўсталявалася паміж гімназічнай установай і беларускамоўным дзіцячым садком № 534. Амаль усе яго выпускнікі становяцца навучэнцамі гімназіі. З 2005 года на базе гімназіі арганізавана школа ранняга развіцця “Буслік” па падрыхтоўкцы шасцігодак да паступлення ў першы клас.

Адна з асаблівасцей зместу дадатковай адукацыі - выкладанне прадметаў эстэтычнай накіраванасці. Развіццю мастацкіх здольнасцей спрыяюць творчыя калектывы – пераможцы гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў: узорны харэаграфічны ансамбль “Дзянніца” , харавы калектыў “Сябрына”, інструментальны ансамбль “Натхненне”, гурток па выяўленчым мастацтве “Чароўны аловак”.

Вядучая роля ў працэсе фарміравання і развіцця ў вучняў патрыятызму, грамадзянскасці належыць дзейнасці музея гісторыі гімназіі і этнаграфіі Беларусі “Мой родны кут”, Цэнтра беларускай нацыянальнай культуры. Ідэя іх стварэння належыць дырэктару гімназіі Бандарэнка Юрыю Міхайлавічу. Музей “Мой родны кут” быў афіцыйна адкрыты 15 лістапада 1999 года. Першымі загадчыкамі музея былі педагог-арганізатар Быліна В.І. і настаўнік выяўленчага мастацтва   Грыгор’еў А.В.

Музей стаў цэнтрам, які аб'ядноўвае ўсе пакаленні. Першага верасня, у Дзень ведаў, сюды прыходзяць першакласнікі, каб пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі гімназіі. Выпускнікі, развітваючыся з гімназіяй, таксама прыходзяць у музей, каб пакінуць аб сабе экспанат і зрабіць свой запіс у Летапісе гімназіі. Актыўны ўдзел у жыцці музея прымаюць і бацькі гімназістаў. 

На працягу ўсяго навучальнага года на базе ЦБНК праводзяцца адкрытыя мерапрыемствы нацыянальнага накірунку, якія арганізоўваюцца актывамі класаў разам з класнымі кіраўнікамі. Арганізоўваюцца сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, спевакамі і іншымі творчымі асобамі.

З 2004 года ў гімназіі існуе Прэс-цэнтр - дыпламант рэспубліканскага конкурсу школьных выданняў “Проба пера”, прызёр гарадскога конкурсу дзіцячых СМІ “Изменим мир к лучшему». Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Калтовіч Алены Віктараўныюнкоры выдаюць газету “Almamater” і  часопіс “Гімназіст”, запрашаюць на літаратурныя сустрэчы знакамітых землякоў (Генадзь Бураўкін, Мікола Шабовіч, Міхась Башлакоў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін і іншыя). Сістэматычна вучнёўскія сачыненні, вершы друкуюцца ў дзіцячых часопісах “Вясёлка”, “Рукзачок”, “Гімназіст”, у газеце “Раніца”.

Пад кіраўніцтвам трэнера Цішковай Іны Васільеўны - настаўніцы англійскай мовы - каманда вучняў гімназіі “Машына часу”    неаднаразова займала прызавыя месцы ў міжнародным конкурсе дзіцячай крэатыўнасці “Адысея розуму”: І месца на Рэспубліканскім конкурсе “Адысея розуму”(2009 г.); IIIмесца на еўрапейскім фінале конкурсу ў г. Берліне (2010 г.).

Паспяховы ўдзел дэманструюць гімназісты ў алімпіядным руху. Штогод сярод удзельнікаў алімпіяд вызначаюцца пераможцы гарадскога, рэспубліканскага, міжнароднага этапаў. Вучні гімназіі становяцца лаўрэатамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для адораных дзяцей. Сярод іх Чалей Уладзіслава, Горлач Максім, Кавалеўскі Антон, Пінхасік Ірына, Парафянюк Мікалай, Сырадоеў Аляксандр (2009 - 2012), Губарэвіч Алесь (2015), Мікіцкая Бэата (2016). Высокія вынікі дасягаюцца пры дапамозе навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Вынікам навукова-даследчай дзейнасці сталі дыпломы рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных 65-годдзю Вялікай Перамогі (Сысой Марыя, Мацвеенка Мая), гарадскога конкурсу навукова-даследчых работ (Худзееў Ігар).

Аб якасці навучання яскрава сведчыць стопрацэнтнае паступленне навучэнцаў гімназіі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Трэба адзначыць той факт, што ў сваёй большасці выпускнікі паступаюць у вядучыя ВНУ краіны, а таксама атрымліваюць вышэйшую адукацыю па-за яе межамі (Мілько Анастасія, Губарэвіч Алесь - Францыя; Леута Ганна, Знак Надзея - Польшча; Макарава Таццяна - Чэхія і іншыя). 

Кіраўніцтва гімназіі надае значную ўвагу стварэнню шматмернай адукацыйнай прасторы. Трывала ў жыццё калектыву ўвайшло прымяненне сучасных інфармацыйных і педагагічных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

У гімназіі створаны ўсе ўмовы для прафісійнага росту педагогаў, развіцця іх творчага патэнцыялу. Доказам таму служыць высокі займаемы пост Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Шчоткінай Марыянай Акіндзінаўнай, якая ў свой час працавала ў гімназіі настаўнікам фізікі.

У пытаннях папаўнення матэрыяльна-тэхнічнай базы наладжана цеснае супрацоўніцтва з бацькоўскай грамадскасцю. У выніку гэтай дзейнасці гімназія набыве новы воблік: ствараюцца сучасныя вучэбныя кабінеты, абноўлена актавая зала, значнай падзеяй у 2011 годзе стала ўрачыстае адкрыццё гімназічнай сталоўкі “У Несцеркі”.

Педагагічны калектыў меў гонар прымаць Першага намесніка главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Міхайлавіча Радзькова, Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Аляксандравіча Маскевіча, намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Васільевіча Карпенка, старшыню камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіла Уладзіміравіча Мірончыка.

Традыцыйнымі сталі сустрэчы з консулам Рэспублікі Польшча, што пашырае магчымасці навучэнцаў гімназіі ў вывучэнні мовы, культуры, гісторыі, традыцый гэтай краіны.

А таксама ў межах супрацоўніцтва па захаванні лепшых традыцый у навучанні і выхаванні дзяцей і моладзі праводзяцца сустрэчы з педагогамі і вучнямі бліжняга і дальняга замежжа (Літва, Расія, Украіна, Амерыка, Германія, Бельгія). У межах рэалізацыі дагавора аб супрацоўніцтве гімназія падтрымлівае сувязі з гімназіяй імя Яна Снядзецкага (Шальчынінкай, Літва). Добрыя партнёрскія адносіны склаліся паміж гімназіяй і адукацыйным цэнтрам імя П.Арупэ (Гдыня, Польшча).

Гімназія супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М.Танка, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. Настаўнікамі пачатковых класаў разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі ажыццяўляецца апрабацыя падручнікаў для 1-4 класаў беларускамоўных устаноў адукацыі.

У гімназіі склаўся цэлы рад усталяваных традыцый, адной з якіх з’яўляецца далучэнне вучняў да багатай беларускай фальклорнай спадчыны, выхаванне пачуцця прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва. Ярка, маляўніча і запамінальна праходзяць беларускія святы: “Багач”, “Калядкі”, “Масленіца”, “Камаедзіца”, “Вялікдзень”. А святкаванне такога свята, як “Юр’е” ўжо даўно выйшла за межы гімназіі і шырока святкуецца ўсім мікрараёнам “Кунцаўшчына”.

1 снежня адзначаецца Дзень нараджэння гімназіі. У атмасферу свята акунаешся, як толькі пераступаеш парог: святочна ўпрыгожанае фае, усмешлівыя твары педагогаў і гімназістаў, музыка, якая падымае настрой, малюнкі юных мастакоў… Гэтага свята з нецярплівасцю   чакаюць усе рабяты, асабліва яно важна для пяцікласнікаў. Па традыцыі ў гэты дзень праводзіцца прысвячэнне ў гімназісты. Ва ўрачыстай абстаноўцы вучні гімназічных 5-х класаў даюць клятву. Ганарова атрымаць білет з рук дырэктара гімназіі  пад апладысменты сваіх сяброў, настаўнікаў, бацькоў! Абавязковае мерапрыемства ў гэты дзень – кірмаш, на якім можна набыць усё: ад кандытарскіх вырабаў да мяккай цацкі. Сярод мерапрыемстваў, якімі адзначаецца гэты дзень, вылучаецца святочны канцэрт – віншаванне вучняў і педагогаў гімназіі. У цэлым свята атрымліваецца незвычайна цёплым, замілаваным, амаль што дамашнім, сямейным.

Дзень самакіравання звычайна праводзіцца напярэдадні Дня настаўніка. Яго чакаюць усе: і настаўнікі, і вучні. У гэты дзень гімназіяй кіруюць будучыя выпускнікі, якім у хуткім часе спатрэбіцца ўменне самастойна прымаць, а галоўнае, адказваць за прынятыя рашэнні. Менавіта ў такі дзень адчуваецца яднанне педагагічнага і вучнёўскага саставу.

Добрай традыцыяй стаў конкурс “Вучань года”. У канцы кожнага навучальнага года вызначаюцца лепшыя гімназісты ў намінацыях “Інтэлект года”, “Надзея года”, “Спартсмен года”, “Музыкант года”, “Грамадскі лідар” і іншыя.

Пашырэнню духоўнага кругагляду, фарміраванню пачуцця любові да роднага краю, усведамленню сваёй прыналежнасці да яго спрыяе конкурс “Вучань – беларус года”. Гэты конкурс дае магчымасць выявіць і падтрымаць творчых, адораных, таленавітых, ініцыятыўных вучняў, стымулюе пазнаваўчую актыўнасць і творчую дзейнасць вучняў ва ўрочны і пазаўрочны час.

Конкурс “Настаўнік года” падводзіць вынік навучальнага года сярод настаўнікаў. Вызначаецца “Лепшы класны кіраўнік”, а таксама “Даследчык года”, “Майстар года”, “Наватар года” і іншыя.